ebook img

Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі : 1795—1864 / Culture of the Belarusian Nobility: 1795-1864 PDF

135 Pages·2011·1.488 MB·Belarusian
Save to my drive
Quick download
Download
Most books are stored in the elastic cloud where traffic is expensive. For this reason, we have a limit on daily download.

Preview Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі : 1795—1864 / Culture of the Belarusian Nobility: 1795-1864

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы С. А. Шыдлоўскі КУЛЬТУРА ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСІ: 1795-1864 гг. Мінск «Беларуская навука» 2011 УДК [008+94](476)”1795/1864” ББК 71(4Бен) Ш98 Р э ц э н з е н т ы : доктар філалагічных навук А. I. Мальдзіс доктар гістарычных навук I. У. Чаквін Шыдлоўскі, С. А. Ш98 Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі: 1795— 1864 гг. / С. А. Шыдлоўскі. — Мінск : Беларус. навука, 2011. - 168 с. ISBN 978-985-08-1241-4. Упершыню ў беларускай этналогіі прыведзены комплексны аналіз культуры айчыннай элігы 1795- 1864 гадоў. Характарызуюцца асноўныя тэндэнцыі ў развіцці культуры жыццезабеспячэння беларускага прывілеяванага саслоўя. У цэнтры ўвагі знаходзяцца працэссы адаптацыі беларускай эліты да расійскіхсацыяльна-эканамічных і культурных умоў жыцця. Упершышо вылучаны асноўныя стратэгіі культурнай адаптацыі мясцовых прывілеяваных груп у новых гістарычных умовах. У зварот айчыннай этналагічнай навукі ўводзяцца новыя віды пісьмовых крыніц (мемуарыстыка, эпісталярыя, публіцыстыка, бытапісальная белетрыстыка). УДК |008+94](476)”1795/1864” ББК 71(4Бси) ISBN 978-985-08-1241-4 ©ШыдлоўскіС. А. 2011 © Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2011 Памяці майго бацькі Шыдлоўскага Алега Веніямінавіча УВОДЗІНЫ З развіццём незалежнай беларускай дзяржаўнасці і станаўленнем нацыянальных уладных інстытутаў паўстае пытанне пераемнасці гістарычнай свядомасці айчыннай эліты, што робіць актуальным вывучэнне культурнай спадчыны прывілеяванага саслоўя Беларусі. Прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя Беларусі пакінулі значны след у развіцці як усходнеславянскай, так і агульнаеўрапейскай культуры. Гэта выдатны доказ гістарычнай прадвызначанасці імкнення сучаснай Беларусі да шматвектарнай знешняй палітыкі. Ён падкрэслівае асаблівую геапалітычную ролю беларускай дзяржавы на цывілізацыйнай восі «Усход-Захад». Культурныя працэсы 1795—1864 гадоў вызначылі шэраг доўгатэрміновых этнакультурных тэндэнцый, у ліку якіх — фарміраванне нацыянальных рухаў і нацыянальнай эліты краю. У гэты час выспявалі таксама грамадска-палітычныя і эканамічныя рэформы, якія правялі рубеж паміж культурай феадальнай і капіталістычнай эпох. Прадстаўнікі прывілеяванага саслоўя па праву нараджэння займалі вядучыя пазіцыі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці грамадства. Аднак застаецца адкрытым пытанне наколькі айчынны набілітэт адпавядаў у вызначаны перыяд функцыянальным патрабаванням свайго сацыяльнага статуса, ці захаваў ён наватарскі патэнцыял, здольнасць выбіраць і асіміляваць іншаэтнічныя культурныя формы. Недастаткова вызначана роля і спецыфіка ўдзелу розных элітарных груп у працэсе этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі. Неабходна таксама выявіць дынаміку ўзаемных уплываў паміж элітарнай і народнай традыцыямі. За апошнія гады павялічыўся інтарэс грамадзян Беларусі да ўласных сямейных вытокаў, паходжання, радаводу. Падобная цікавасць існуе і ў асяроддзі беларускай дыяспары, сярод замежных нашчадкаў мясцовых арыстакратычных радоў, што стварае глебу для пашырэння беларускай інфармацыйнай прысутнасці за мяжой, спрыяе ўсталяванню кантактаў з суайчыннікамі. Як рэакцыя на падобны попыт з’яўляюцца папулярныя работы, прысвечаныя розным аспектам старасвецкага побыту, геральдыцы, генеалогіі. Аднак з-за адсутнасці сучасных абагульняючых навуковых даследаванняў культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі такія выданні ў значнай ступені тыражуюць састарэлыя стэрэатыпы. У Расіі і Польшчы культура прывілеяванага саслоўя ХІХ стагоддзя выдатна даследавана і ўведзена ў ранг нацыянальнай святыні («пушкінская эпоха», «эпоха філаматаў»). Яна зрабілася ў гэтых краінах нацыянальна- кансалідуючым фактарам, а таксама рэсурсам для развіцця музейнай, турыстычнай і забаўляльнай індустрыі. Нераспрацаванасць дадзенага пытання ў беларускай навуцы аб’ектыўна перашкаджае рэалізацыі шэрагу грамадска- культурных праектаў, якія маюць як духоўнае, так і эканамічнае значэнне. Праца па аднаўленню былых маёнткаў як аб’ектаў турыстычнай дзейнасці і музеефікацыя старажытных беларускіх гарадоў патрабуе вывучэння і актуалізацыі розных аспектаў элітарнай культурнай традыцыі. Даследаванне матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры прывілеяванага саслоўя — неабходны грунт і для падрыхтоўкі кампетэнтных спецыялістаў у галіне турыстычнай сферы дзейнасці, распрацоўкі навучальных курсаў рэкрэацыйнага рэсурсазнаўства, краязнаўства, экскурсазнаўства. Недастатковая вывучанасць культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі стрымлівае яе засваенне айчыннай масавай культурай (напрыклад, кінаіндустрыяй), замінае стварэнню сучаснага канкурэнтаздольнага медыйнага прадукту, заснаванага на высокамастацкіх узорах элітарнай культуры. У навуковы зварот айчыннай этналогіі яшчэ не трапілі асобныя віды пісьмовых крыніц (мемуарыстыка, эпісталярыя, публіцыстыка, гістарычная белетрыстыка), якія могуць асвятліць пытанні станаўлення нацыянальнай свядомасці, асаблівасці этнічнай і саслоўнай псіхалогіі. Выяўленыя за апошнія дзесяцігоддзі факты, датычныя матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя, пакуль не пераасэнсаваны з пазіцыі сучаснай этналагічнай навукі. У сучаснай беларускай этналогіі практычна адсутнічаюць абагульняючыя даследаванні, здольныя выявіць унутраныя заканамернасці развіцця і каштоўнасныя асновы дадзенай культуры, вызначыць яе ролю ў беларускім культурагенезе. Мэта дадзенага даследавання — выявіць асоблівасці эвалюцыі матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі на працягу 1795—1864 гадоў. Для дасягнення пастаўленай мэты вызначаны наступныя задачы: 1. Даследаваць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці матэрыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі 1795—1864 гадоў. 2. Выявіць характар трансфармацыі духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі азначанага перыяду. 3. Ахарактарызаваць крыніцы дынамікі культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі разглядаемага перыяду. 4. Вызначыць ролю саслоўнай і этнічнай свядомасці ў захаванні структурнай цэласнасці і функцыянальнасці культуры прывілеяванага саслоўя Беларусі 1795—1864 гадоў. Храналагічныя рамкі даследавання (1795 г., 1864 г.) з’яўляюцца важнымі вехамі ў гісторыі Беларусі. У 1795 годзе ў выніку апошняга трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай усе беларускія землі аб’ядналіся пад скіпетрам расійскай імперыі, што стварыла новыя этнакультурныя ўмовы для развіцця мясцовых элітарных груп. У выніку паражэння шляхецкага паўстання 1863— 1864 гадоў расійскі ўрад пачаў праводзіць паслядоўную палітыку дэпаланізацыі на беларускіх землях, што закранала ў значнай ступені культуру мясцовага прывілеяванага саслоўя. У дадзенай рабоце тэрыторыя Беларусі разглядаецца ў межах, якія вызначаны айчыннай этналогіяй. Гэта тэрыторыя Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, а таксама ўсходніх частак Віленскай і Ковенскай губерняў Расійскай імперыі. Для абазначэння этнічных беларускіх тэрыторый у рабоце выкарыстоўваюцца тэрміны «беларускія землі», «беларускі край», «Беларусь». Для разумення этнакультурных працэсаў у асяроддзі прывілеяванага саслоўя Беларусі ў разглядаемы перыяд варта адцеміць шматзначнасць тэрмінаў «літоўскі», «літовец». Пад час існавання ВКЛ яны выкарыстоўваліся часта як палітонім, што пазначаў грамадзянскую прыналежнасць яе поліэтнічнага насельніцтва. З пачатку ХІХ стагоддзя малады жмудскі нацыянальны рух пачаў выкарыстоўваць гэтыя тэрміны ў якасці этноніма. У першай палове ХІХ стагоддзя існавала ўстойлівая тэндэнцыя пашырэння тэрміна «Беларусь» на ўсю этнічную тэрыторыю пражывання беларусаў і адпаведная рэдукцыя арэала бытавання наймення «Літва» [10, с. 76]. У разглядаемы перыяд паняцці «Беларусь» і «Літва» згадваліся як субрэгіянальныя найменні тэрыторый з пераважным беларускім насельніцтвам, тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся ў афіцыйнай практыцы. Пад паняццем «саслоўе» разумеецца сацыяльная група, якая вызначаецца асаблівымі правамі і абавязкамі, замацаванымі юрыдычна. Прывілеяванае саслоўе мела выключныя эканамічныя і юрыдычныя правы і выступала ў якасці эксплуататара непрывілеяваных груп насельніцтва. На працягу разглядаемага перыяду ў Расійскай імперыі да прывілеяванага саслоўя афіцыйна адносілі патомных дваран (рас. — потомственные дворяне), асабістых дваран (рас. — личные дворяне), духавенства, купцоў, з 1832 года — ганаровых грамадзян (рас. — почетные граждане) [271, с. 542—549]. Такім чынам, элітарная культура беларускага грамадства разглядаемага перыяду складалася з культурнага ўкладу некалькіх прывілеяваных груп. Аднак стыль жыцця буйных землеўладальнікаў — патомнага (дзедзічнага) дваранства — з’яўляўся эталонам для прадстаўнікоў іншых прывілеяваных супольнасцяў. Гэта можна патлумачыць выключным матэрыяльным і прававым становішчам патомнага дваранства. У Расійскай імперыі толькі патомныя дваране мелі поўныя правы (права валодаць прыгоннымі і заселенымі маёнткамі, удзельнічаць у дваранскім самакіраванні) [271, с. 549— 550]. Яны карысталіся перавагамі на вайсковай і цывільнай службе. Дваране вызваляліся ад усіх асабістых падаткаў і павіннасцяў, у тым ліку рэкруцкіх, ад цялесных пакаранняў, судзіліся толькі роўнымі сабе [271, с. 559]. Да падзелаў Рэчы Паспалітай на беларускіх землях расійскаму дваранству адпавядаў шляхецкі стан (польскае szlachta ад сярэдневерхненямецкага Slachta — род, парода). Адпаведна значная частка нашай увагі будзе нададзена культуры менавіта патомнага дваранства, значны кампанент якога на беларускіх землях складалі выхадцы з шляхецкага саслоўя. Пад тэрмінам «культура жыццезабеспячэння» разумеецца комплекс асаблівасцяў вытворчай дзейнасці, дэмаграфічнай структуры, працоўнай кааперацыі, традыцый спажывання і размеркавання матэрыяльных рэсурсаў, гэта значыць прыродна абумоўленных форм сацыяльных паводзін, якія забяспечваюць чалавечаму калектыву існаванне за кошт рэсурсаў пэўнага асяроддзя жыхарства. Пад тэрмінам «адаптацыя» разумеецца здольнасць грамадства да гарманізацыі сваёй жыццядзейнасці адпаведна са зменамі ў навакольным асяроддзі. У працэсе адаптацыі адбываецца трансфармацыя грамадства, у выніку якой ўзнікаюць і выпрабоўваюцца культурныя інавацыі. Тыя інавацыі, якія з’яўляюцца найбольш адаптатыўнымі ў адносінах да навакольнага асяроддзя, замацоўваюцца ў культуры. Пад тэрмінам «стратэгіі адаптацыі» разумеецца выбар этнакультурнай групай комплексу спосабаў арганізацыі сацыяльных адносін і рэгуляцыі паводзін індывідаў з мэтай найлепшай адаптацыі групы да зменаў навакольнага асяроддзя [143, с. 122]. У дадзенай рабоце акрамя тэрміна «прывілеяванае саслоўе» выкарыстоўваюцца таксама сінанімічныя выразы «прывілеяваная частка грамадства», «элітарныя групы». Тэарэтычныя падыходы шэрагу айчынных даследчыкаў (М.Ф. Піліпенкі, А.І. Мальдзіса, І.У. Чаквіна) былі выкарыстаны для вызначэння структурных элементаў культуры прывілеяванага саслоўя. Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць за падтрымку і дапамогу членам- карэспандэнтам, дактарам гістарычных навук А.І. Лакотку і М.Ф. Піліпенку, дактарам гістарычных навук І.У. Чаквіну, А.В. Гурко, Г.І. Каспяровіч, доктару філалагічных навук А.І. Мальдзісу, кандыдатам гістарычных навук Т.А. Навагродскаму і А.Р. Раюку, кандыдату псіхалагічных навук І.М. Андрэевай, а таксама калектывам аддзела народазнаўства ДНУ «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі» і кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі культуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта. ГЛАВА 1 АНАЛІТЫЧНЫ АГЛЯД ЛІТАРАТУРЫ, АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА КРЫНІЦ Гістарыяграфія першай паловы ХІХ стагоддзя. З’яўленне першых даследаванняў па гісторыі беларускіх зямель у рускай гістарыяграфіі стымулявалася афіцыйнай задачай абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай. Да такіх аглядаў можна аднесці работы М.М. Бантыш-Каменскага (1805) [16], М.М. Карамзіна (1816—1819) [87], М.Г. Устралава (1839) [226]. Вынікам збірання ў Беларусі ў 30—50-ых гадах ХІХ стагоддзя расійскім ваенным ведамствам гістарычнай, эканамічнай і статыстычнай інфармацыі з’явіліся публікацыі А. Карэвы (1861) [116], М. Цэбрыкава (1862) [236], П. Баброўскага (1863) [37], І. Зяленскага (1863) [81], М. Дамантовіча (1865) [64]. Ступень навуковай каштоўнасці гэтых даследаванняў неаднолькавая, аднак яны ўтрымліваюць унікальную інфармацыю аб эканамічным становішчы дваранскіх гаспадарак краю, этнаканфесійных тэндэнцыях, палітычных настроях дваранства, міжсаслоўных адносінах. Спецыяльныя работы, прысвечаныя пытанням культуры мясцовых прывілеяваных груп, у дадзены перыяд адсутнічалі. У польскамоўнай гістарыяграфіі першай паловы ХІХ стагоддзя пытанні палітычнай гісторыі таксама дамінавалі над культуразнаўчай тэматыкай. Польская нацыянальная гістарыяграфія вырашала задачу абгрунтавання правоў Польшчы на землі былой Рэчы Паспалітай, аналізаваліся прычыны заняпаду гэтай дзяржавы. Крытыка сістэмы шляхецкай дэмакратыі ўзыходзіць да работ прыхільніка асветніцкай ідэалогіі Г. Калантая [311]. Прадстаўнік манархічнага лагера А. Нарушэвіч таксама вылучаў унутраныя прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай, аднак негатыўныя сацыяльныя рысы шляхецтва ён тлумачыў вынікам нямецкага ўплыву. Найбуйнейшай работай А. Нарушэвіча з’яўляецца сямітомная «Historya narodu Polskiego od początku chrzesciaństwa» (1780—1786) [329]. Пад уплывам ідэй А. Нарушэвіча сфарміравалася асобная школа, прадстаўнікі якой выступалі за моцную манархічную дзяржаву. «Школе Нарушэвіча» супрацьстаяла рэспубліканска-ліберальная «школа Лялевеля». Навукова-асветніцкая дзейнасць апошняй была скіравана на інспірацыю рэвалюцыйных настрояў, гераізацыю мінуўшчыны. Культуразнаўчыя работы ў польскай гістарыяграфіі першай паловы ХІХ стагоддзя вызначаюцца апісальнасцю і фрагментарнасцю. Захоўвае каштоўнасць як крыніца фактычных звестак работа Е. Кітовіча «Opis obyczajów za panowania Augusta III» [309]. Дадзеная работа дазваляе прасачыць вытокі многіх тэндэнцый у сферы матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры мясцовага прывілеяванага саслоўя. Аналітычны падыход да крыніц, значна павысіўшы навуковы ўзровень этнаграфічнага вывучэння мясцовых культур, адлюстроўвае творчасць З. Даленгі- Хадакоўскага (А. Чарноцкага). Важнымі з’яўляюцца высновы З. Даленгі- Хадакоўскага наконт ролі духавенства ў этнакультурных працэсах у Беларусі [295]. Непасрэдна разгляду культуры прывілеяванага саслоўя першых дзесяцігоддзяў ХІХ стагоддзя былі прысвечаны работы Л. Галамбёўскага «Domy i dwory» (1830), «Ubiory w Polszcze» (1830), «Gry i zabawy różnych stanów w kraju całym, lub niektórych tylko prowincyach» (1831) [301; 302; 303]. Даследчык апісаў і сістэматызаваў вялікую колькасць фактаў матэрыяльнай, сацыяльнай і духоўнай культуры прывілеяванага саслоўя на землях Польшчы, Беларусі і Літвы. Каштоўнасць работ Л. Галамбёўскага заключаецца ў шырокім геаграфічным ахопе культурных феноменаў. Зніжае каштоўнасць работ Л. Галамбёўскага іх кампілятыўны характар. У кнізе А. Рыпінскага «Białoruś. Kilka słów o poezii prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc» (1840) праведзены аналіз саслоўнай псіхалогіі чыншавай шляхты, яе этнічных стэрэатыпаў, ахарактарызаваны побыт, звычаі і гаспадарчыя заняткі дадзенай групы шляхецтва [336]. У рабоце Е. Тышкевіча «Opisanie powiatu Borysowskiego...» (1847) дадзены статыстычныя звесткі, апісаны традыцыі гаспадарання [343]. Даследаванне Е. Тышкевіча дазваляе прасачыць тэндэнцыі ў развіцці культуры жыццезабеспячэння мясцовага прывілеяванага саслоўя першай паловы ХІХ стагоддзя. Гістарыяграфія другой паловы ХІХ ст. — пачатку ХХ ст. У другой палове ХІХ стагоддзя ўпершыню ў рускай гістарыяграфіі з’явіліся кнігі, якія прэзентавалі погляд на беларускую гісторыю ўраджэнцаў самой Беларусі — гэта творы М.В. Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» (1855) [24], В.В. Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» (1857) [223], І.А. Парай-Кошыца «Исторический рассказ о литовском дворянстве» (1858) [188]. М.В. Без-Карніловіч выступаў супраць негатыўнага стэрэатыпа, які склаўся ў расійскім грамадстве аб беларускім дваранстве. В.В. Турчыновіч даводзіў погляд на Беларусь як самастойны суб’ект гісторыі, падкрэсліваў значнасць ролі «русінскага» набілітэту ў сацыяльна-культурным жыцці ВКЛ. Гісторыі і культуры татарскай шляхты прысвечана даследаванне А.В. Мухлінскага «Исследование о происхождении и состоянии литовских татар» (1857) [169]. На мяжы 50—60-ых гадоў ХІХ стагоддзя ў сувязі з абвастрэннем палітычнай барацьбы ў Беларусі ў рускай гістарыяграфіі павялічылася цікавасць да этнаканфесійных аспектаў беларускай гісторыі, якія знайшлі шырокае адлюстраванне ў кнігах М.В. Каяловіча [121; 122]. Каталіцкі набілітэт лічыўся М.В. Каяловічам чужародным. У ролі інтэлектуальнай і маральнай эліты беларускага народа ў работах М.В. Каяловіча фігуравала праваслаўнае святарства. У кнігах С.М. Салаўёва «История падения Польши» (1863) [210] і Д.І. Ілавайскага «Гродненский сейм 1793 г.» (1870) [83] прасочвалася роля шляхецтва ў палітычнай гісторыі беларускіх зямель, якая разглядалася ў кантэксце польска-расійскага супрацьстаяння. У кнізе М.І. Кастамарава «Старый спор: Последние годы Речи Посполитой» (1870) асвятляліся прычыны палітычнага калапсу Рэчы Паспалітай [119]. Аўтар прааналізаваў грамадска-палітычныя ідэалы шляхецкага саслоўя, падаў характарыстыкі саслоўнай шляхецкай псіхалогіі. Пашырэнню ў расійскім грамадстве аб’ектыўных ведаў пра ролю шляхецтва ў беларускай культуры паспрыялі работы А.К. Кіркора і С.В. Максімава [104; 146]. У шматтомным выданні А.М. Пыпіна «История русской этнографии», чацвёрты том якога быў прысвечаны Беларусі (1892), разглядалася развіццё этнаграфічнай навукі ў Расійскай імперыі з канца XVIII па 90-ыя гады ХІХ стагоддзя [190]. А.М. Пыпін даў крытычны разгляд палітыкі расійскай адміністрацыі ў нацыянальным пытанні ў Беларусі. Беларускае шляхецтва даследчык лічыў нашчадкамі «апалячаных старых рускіх землеўладальнікаў» [190, с. 25]. Ён падкрэсліваў, што шляхецтва, асабліва дробнае, ведала і карысталася ў побыце беларускай мовай. У рускай гістарыяграфіі другой паловы ХІХ стагоддзя тэрміны «каталік» і «праваслаўны» працягвалі атаясамлівацца з этнічнымі азначэннямі «паляк» і «рускі». Некрытычна выкарыстоўваўся матэрыял польскай гістарыяграфіі. Спробай пераадолення гэтай тэндэнцыі з’явілася кніга П.М. Бацюшкава «Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края» (1890) [23]. Аднак яго работа падмяніла «польскую» версію гісторыі Беларусі «велікарускай». У дарэвалюцыйнай рускай гістарыяграфіі найлепш даследаваным было пытанне прававога становішча прывілеяванага саслоўя Беларусі. Дадзенаму аспекту прысвечаны работы рускіх гісторыкаў М. Яблачкава «История дворянского сословия в России» (1876) [271], В.В. Ключэўскага «История сословий в России» [112], С.А. Корфа «Дворянство и его сословное управление за столетие 1762—1855 годов» (1906) [118], А. Рамановіча-Славацінскага «Дворянство в России от начала XVIII века до отмены крепостного права» (1912) [194]. Рускія даследчыкі, якія закраналі пытанні культуры шляхецкага саслоўя, разглядалі іх у канфрантацыйным плане, ілюструючы схему супрацьстаяння праваслаўнай і лацінскай цывілізацый. У другой палове ХІХ стагоддзя паскараецца працэс дэструкцыі шляхецкай культуры. У польскай гістарыяграфіі дадзенага перыяду зніжаецца цікавасць да разгляду шляхецкай праблематыкі. Прадстаўнік варшаўскай пазітывісцкай школы Т. Корзан у рабоце «Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta» (1897—1898), аналізуючы прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай, негатыўна ацэньваў ролю шляхты ў грамадска-палітычным жыцці краіны, падкрэсліваў эгаізм і коснасць гэтага саслоўя [313]. Падобныя высновы абгрунтоўваюцца і ў работах М. Бабжынскага [283] і У. Смаленскага [338; 339]. Апошні бачыў прычыны заняпаду Рэчы Паспалітай у эканамічнай і культурнай дэградацыі шляхецтва. Да рэакцыйных сілаў рэчпаспалітаўскага грамадства У. Смаленскі адносіў каталіцкае святарства, падкрэсліваючы ўдзел апошняга ў эксплуатацыі сялянства. У работах К. Шайнохі атрымала развіццё ідэя выключнасці польскай нацыі і яе высокай цывілізацыйнай місіі на Усходзе [340]. Даследчык традыцыйнай славянскай культуры О. Кольберг указваў на магчымасці ўзаемаўплыву паміж шляхецкай і сялянскай культурамі. О. Кольберг гаварыў пра наяўнасць пераходных форм і падтыпаў паміж дзвюма гэтымі культурамі [310]. Варта адзначыць дзейнасць па вывучэнню культуры мясцовага прывілеяванага саслоўя А. Ельскага [66—72]. Ён з’яўляўся сістэматызатарам ведаў аб матэрыяльнай культуры беларускага прывілеяванага саслоўя, быў аўтарам каля дзесяці тысяч артыкулаў, прысвечаных культуразнаўчай праблематыцы, якія друкаваліся ў польскамоўных энцыклапедычных выданнях. Аўтар абапіраўся пераважна на беларускі матэрыял і намагаўся прасачыць развіццё культуры прывілеяванага саслоўя ў яе ўзаемадачыненні з народнай традыцыяй. Абагульняючы характар носяць энцыклапедычныя выданні З. Глогера «Encyklopedja staropolska» (1900—1903) і «Budownictwo drzewne i wyroby z drzewa w dawnej Polsce» (1907—1909) [299; 300]. З. Глогер правёў значную работу па аналізе і сістэматызацыі многіх аспектаў матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры прывілеяванага саслоўя на землях колішняй Рэчы Паспалітай. У сваіх энцыклапедычных артыкулах ён прасачыў генезіс асобных элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, акрэсліў арэал іх распаўсюджвання. Значную ролю ў работах З. Глогера адыгралі этнаграфічныя матэрыялы з беларуска-польскага памежжа. Аднак іншыя беларускія рэгіёны прадстаўлены ў яго даследаваннях досыць сціпла. Гістарыяграфія першай паловы ХХ ст. У даваеннай савецкай беларускай гістарыяграфіі ідэалагічная зададзенасць стрымлівала даследаванне культуры прывілеяванага саслоўя, якая трактавалася як «польская» ці «руская». У дваццатых гадах ХХ стагоддзя галоўная ўвага даследчыкаў была скіравана на пытанні эканамічнай і палітычнай гісторыі

See more

The list of books you might like

Most books are stored in the elastic cloud where traffic is expensive. For this reason, we have a limit on daily download.